ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)